Герб Мозырьского района
Отдел образования
Мозырского районного исполнительного комитета
enter Войти в кабинетВойти

Государственное учреждение образования

Средняя школа №2 г. Мозыря

Назад
Востраў даўніны

Артыкул выхавацеля групы падоўжанага дня вышэйшай катэгорыі Каваленкі Алены Віктараўны, кіраўніка школьнага этнаграфічнага музея ДУА”Сярэдняй школы №2” г. Мазыра

Востраў даўніны

Этнаграфічны музей “Сялянская хата” ДУА “СШ №2” г. Мазыра

                                                           Як з маленькіх пачуццяў не народзіцца верш,

                                                           а з пустога вядзерца вада не пальецца, так у сэрцы дзіцяці,без яе абуджэння, любоў да Радзімы сама не прачнецца.

Для чаго мы жывём, дзе нашы карані, што чакае ў будучыні? У поўнай меры адказ на гэтае пытанне  даў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч: “ У падзеях мінулага – нашы карані. А дрэва без карэння не можа не існаваць, ні тым больш – прыносіць плады”.

Захавальнікамі памяці былі і застаюцца музеі, у тым ліку і школьныя музеі.

Моладзь павінна ведаць гісторыю і культуру роднага краю не з “ малюнка ў буквары”, а са школьнага музея, з вуснаў пажылых людзей, якія захавалі для нас багатую спадчыну.

 Школьны этнаграфічны музей “ Сялянская хата” Дзяржаўнай установы адукацыі “ Сярэдняй школы № 2 горада Мазыра” заснаваны 30 снежня 1989 года вучнямі, бацькамі і настаўнікамі школы, у выглядзе сялянскай хаты канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў. Усе экспанаты, а іх налічваецца 190 - асноўнага фонду.

Экспазіцыі музея расказваюць пра побыт беларусаў, асаблівасці вядзення гаспадаркі, прадстаўляюць прадметы розных рамёстваў. Гэтыя экспанаты даюць уяўленне пра тое, як жылі, працавалі нашы продкі.

Першай сустракае гасцей музея экспазіцыя “Сялянскі падворак”.Тут знаходзяцца розныя прадметы побыту селяніна, пачынаючы з жорнаў і заканчваючы таптухай ды церніцай.

Адзенне для беларусаў было этнічным і сацыяльным паказчыкам.У шырокім сэнсе – гэта не толькі вопратка, але і галаўныя ўборы, абутак, што дэманструюцца ў наступнай экспазіцыі –“Мужчынскае і жаночае адзенне”. У музеі можна ўбачыць як паўсядзённыя, так і святочныя кашулі, спадніцы, абутак.

         Найвялікшая экспазіцыя музея – “Інтэр’ер сялянскай хаты”. Самае шаноўнае месца ў хаце - чырвоны кут, дзе развешаны абразы, убраныя ручнікамі- набожнікамі. Галоўным аздабленнем кожнага пакоя лічыліся ручнікі, падузорнікі, сурвэткі і, канешне, вышываныя карціны.

                   Важнае месца займаў у хаце “бабін” кут. Самаробная, цагляная,чыста пабеленая печ…Яна сагравала ўсю сям’ю.

         За печчу – драўляны ложак, засланы вышытым дываном, на ім – падушкі з прыгожымі накідушкамі.А побач дзіцячыя люлька, калыска і хадунок.

         Абавязковы атрыбут сялянскай хаты – куфар. Раней у такіх скрынях дзяўчаты захоўвалі пасаг, які рыхтавалі ўжо з пяці гадоў

         На базе музея праводзяцца экскурсіі, урокі, пазакласныя мерапрыемствы. Школьны этнаграфічны музей з’яўляецца цэнтрам выхаваўчай работы, эфектыўнай формай арганізацыі і падачы краязнаўчага матэрыялу, базай паглыбленнага вывучэння гісторыі нашай Радзімы.

Музей стаў месцам правядзення экскурсій як для вучняў школы, так школ і навучальных устаноў горада і раёна, ветэранаў вайны і працы. Тут пабывалі дэлегацыі з Масквы, Чарнігава, Рэчыцы, Гомеля, Бранска, Германіі.

 

         Частымі гасцямі музея з’яўляюцца дзеці малодшых класаў, старшакласнікі роднай школы. Падчас экскурсіі вучні адгадваюць загадкі, прысвечаныя беларускаму побыту, успамінаюць прымаўкі і прыказкі. Дзеці могуць патрымаць у руках качалкі, пакруціць калаўрот, памераць кашулю ці спадніцу.

Географы, гісторыкі, мовазнаўцы на сваіх уроках карыстаюцца сабранымі звесткамі на розную этнаграфічную тэматыку. А вучні з любога класа школы маюць магчымасць папоўніць створаную сваімі рукамі калекцыю музея.

З мэтай адраджэння духоўных нацыянальных каштоўнасцей на базе музея штогод праходзяць Каляды, у час якіх вучні-першакласнікі водзяць “казу”, спяваюць калядныя песні.

Вялікую цікавасць у дзяцей выклікаюць літаратурна- музычныя кампазіцыі, прысвечаныя датам беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Завочна па родным краі, вывучаючы легенды, звязаныя з бытам селяніна, у музеі вучні назіраюць, як гісторыя звязана з гісторыяй Палесся, Беларусі, як розныя гістарычныя,палітычныя і сацыяльна - эканамічныя працэсы уплываюць на развіццё беларускай культуры.

Мы нарадзіліся на беларускай зямлі, узгадаваліся і жывём на Беларусі.Мы – беларусы.Вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылі нашы продкі – неабходна! Этнаграфічны музей гэта нам дазваляе.